УКРАІ́НСКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́, Украінская уніяцкая царква,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Украіны. Усталявана ў выніку Брэсцкай уніі 1596, паводле якой правасл. царква на тэр. Рэчы Паспалітай прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання, пры захаванні грэка-візант. рытуалаў і традыц. абраднасці. Яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, непасрэдна падпарадкаванай папу рымскаму. Яе вышэйшым кіраўніком з’яўляўся уніяцкі мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсяе Русі, якому падпарадкоўваліся таксама уніяцкія епархіі Беларусі і Літвы. Пераход ва унію адбываўся паступова, у ходзе барацьбы уніятаў з правасл. царквой, якая ў 1620 аднавіла сваю Кіеўскую мітраполію, а ў 1632 легалізавана ў Рэчы Паспалітай. На Левабярэжнай Украіне царк. унія скасавана ў выніку над.-вызв. вайны 1648—54, але ў 1692 да уніі далучылася Перамышльская епархія, у 1700 — Львоўская, у 1702 — Луцкая. У 18 ст. паскорылася «лацінізацыя» уніяцкай царквы — перайманне насуперак умовам Брэсцкай уніі рымска-каталіцкай абраднасці, што праявілася ў рашэннях Замойскага сабора 1720. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да Аўстрыі перайшла населеная пераважна ўкраінцамі-уніятамі Галіцыя з уніяцкімі епархіямі Львоўскай і Перамышльскай, часткамі Луцкай і Холмскай (пазней далучаны да Львоўскай і Перамышльскай). Паводле падзелаў 1793 і 1795 да Расіі далучана большасць тэр. Правабярэжнай Украіны. У 1795 Кацярына II скасавала ў Рас. імперыі ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай, кіраўніцтва уніяцкімі прыходамі перайшло да каталіцкай царквы. Павел I у 1798 аднавіў на Валыні Луцкую уніяцкую епархію. У 1828 яна зноў скасавана, прыходы падпарадкаваны Літ. епархіі. Полацкі царкоўны сабор 1839 скасаваў уніяцкую царкву ў Рас. імперыі, у т. л. на Украіне. Улады Аўстрыі ў Галіцыі як процівагу апазіцыйна настроенай мясц. польска-каталіцкай шляхце падтрымлівалі грэка-каталіцкую царкву з яе пераважна ўкр. вернікамі, але паступова ўзмацнялі яе «лацінізацыю». У 1774 адкрыта духоўная семінарыя для уніятаў ў Вене, у 1784 — у Львове. У 1782 скасаваны уніяцкія брацтвы Галіцыі. У 1795 львоўскі архіепіскап атрымаў ад аўстр. улад тытул мітрапаліта галіцкага. З 1856 рым. курыя неаднаразова надавала галіцкім мітрапалітам тытулы кардыналаў. У 1-й пал. 20 ст. уніяцкая («Руская») царква Галіцыі складалася з Львоўскай мітрапаліцкай, Перамышльскай і Станіслаўскай епархій. У 1939—42 пад яе кіраўніцтвам дзейнічаў Бел. грэка-каталіцкі экзархат. Львоўскі царк. сабор 1946 скасаваў Укр. г.-к.ц. і пастанавіў увайсці ў склад Рус. правасл. царквы, аднак дзейнасць шэрагу уніяцкіх святароў працягвалася ў падполлі і эміграцыі. У час перабудовы уніяцкая царква ў СССР легалізавана (снеж. 1989) і ў 1990-я г. яна цалкам аднавіла сваю дзейнасць у зах. абласцях незалежнай Украіны. Адроджана мітраполія з кафедрай у Львове.
Літ.:
Берестейска унія (1596—1996): Статті й матеріали. Львів, 1996.
М.Г.Нікіцін.
т. 16, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)